Четверг, 21.11.2024, 15:49
ОКТЯБРЬСКИЙ online
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная Каталог статей Регистрация Вход
Меню сайта


ФОТОГАЛЕРЕЯ

Категории статей
Разное [22]
Октябрьский [1]
Статьи о нашем поселке
Техпомощь [1]
Край [4]
Статьи, посвященные г. Барановичи и Барановичскому району.
Беларусь [1]
О Беларуси
Интернет и компьютеры [9]
Автомобиль. Дорога [1]
Фото и видео [0]
Здоровье [0]
Это интересно [2]

Форма входа

Поиск


Наш опрос
География посещений из Беларуси. Откуда вы?
Всего ответов: 1756

Наша кнопка
ОКТЯБРЬСКИЙ online



Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Главная » Каталог статей » Край

Старыя вёскі і мястэчкі Баранавіцкага краю


Крашын

У Крашыне знаходзіцца касцёл Найсвяцейшага Божага Цела, пабудаваны ў першай палове XX ст. У храме захоўваецца унікальная жырандоля, якую яшчэ ў 1881 годзе выкаваў крашынскі паэт-легенда Паўлюк Багрым. Яго люстра з вытанчаным арнаментам з батанічнай і арніталагічнай сімволікай – шэдэўр кавальскай працы, які запамінаецца кожнаму, хто яго хоць аднойчы пабачыў. Магіла Паўлюка Багрыма знаходзіцца тут жа, за касцёлам. Насупраць касцёла, па іншы бок Шчары, можна прагуляцца па старым парку шляхціцаў Святаполк-Завадскіх. Парк вядомы сваімі велічнымі ясянямі, а таксама дубам, пасаджаным у 1884 годзе нашым земляком, сусветна вядомым навукоўцам Ігнатам Дамейкам і паэтам Антонам Адынцом.


Чэрніхава

Блукаючы па старадаўнім парку пры сядзібе Рдултоўскіх у Верхнім Чэрніхава, можна напаткаць цікавыя сляды спадчыны: гэтак званы грабовец, у якім хавалі прадстаўнікоў шляхетнага роду, і вежу-вяндлярню. Пры адным з заездаў на былую сядзібу стаіць прыдарожная капліца з чарапічным дахам і арыгінальным каваным крыжом і кратамі. Ацалелыя аб’екты знаходзяцца ў занядбаным стане. З рэшткаў фальварка Гартынгаў у суседнім Ніжнім Чэрніхава сёння можна ўбачыць бровар і двухпавярховую панскую камяніцу.


Ішкальдзь


Паглядзець на адзіны захаваны ў Беларусі ўзор позняй сярэднявечнай архітэктурнай готыкі – Траецкі касцёл (сёння – праваслаўная царква) у Ішкальдзь прыязджаюць з усёй краіны. Храм быў пабудаваны ў абарончым стылі яшчэ ў 1471 годзе і датрываў да нашых дзён у амаль не змененым выглядзе. Гэта помнік рэспубліканскага значэння, мець які ў сваім раёне – сапраўдны гонар.


Паланэчка


Размешчаная ўздоўж старога варшаўскага тракту Паланэчка калісьці мела статус культурнай сталіцы нашага краю. Сёння пра "залатыя часы” беларускай гісторыі тут нагадвае велічная і закінутая рэзідэнцыя Радзівілаў і добра захаваны з 1751 года Юр’еўскі касцёл, у якім калісьці хрысцілі будучага вядомага навукоўца і асветніка, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейку.


Задзвея


У Задзвеі варта паглядзець стары будынак лядоўні, што застаўся з колішняй сядзібы Межаеўскіх. Помнік першай паловы XIX ст. нагадвае хутчэй невялікі касцёл, чым гаспадарчае збудаванне. На жаль, апроч рамантыкаў і аматараў даўніны, сёння ён нікога не цікавіць.


Вольна


Вольна славіцца сваім унікальным храмам, Траецкай царквой (раней – уніяцкая, цяпер – праваслаўная). Адзін з нешматлікіх захаваных помнікаў архітэктуры Віленскага барока. Да барочнай эстэтыкі належыць і рэльефнае налепнае пано з мілітарысцкай атрыбутыкай у стылі ракако, якое ўпрыгожвае фасад царквы. Белая пастава храма здалёк відаць у цёмна-зялёных шатах старога парку пры сядзібе Слізняў. На жаль, ад былога маёнтка захаваўся толькі гэты парк.


Бартнікі


Адзінае, што захавалася тут з даўніны, – капліца-ратонда на мясцовых могілках. Па перыметры фундамента гэтага незвычайнага круглага будынка размешчаны вялікія валуны з высечанымі ў самых розных графічных формах крыжамі. Арыгінальная капліца ў Бартніках знаходзіцца сёння ў жахлівым стане, таму яе трэба паспяшаць пабачыць.


Стайкі


Неагатычны палац Лашкевічаў XIX ст. у Стайках яго гаспадары калісьці называлі замкам. Літаральна некалькі дзесяцігоддзяў таму ў ім яшчэ функцыянавала мясцовая школа. Сёння "Стайкаўскі замак” упэўнена пераўтвараецца ў руіны.


Сталовічы


Сёння багатае на гістарычныя падзеі мястэчка здрабнела да статусу аграгарадка. Рэчка Смалянка, на якой стаяць Сталовічы, пасля меліярацыі таксама хутчэй нагадвае канаву. Галоўная захаваная сталовіцкая каштоўнасць – былы касцёл Яна Хрысціцеля (сёння – Свята-Успенская праваслаўная царква), пабудаваны яшчэ ў XVIII ст. Недалёка стаіць і неагатычны касцёл Сэрца Ісуса пачатку XX ст.


Завоссе


Кожны школьнік ведае, што Завоссе – ра-дзіма паэта-легенды Адама Міцкевіча. Арыгінальны фальварак, у якім нарадзіўся паэт, быў знішчаны падчас I-й Сусветнай вайны. А ў 1998 годзе, да 200-годдзя з дня нараджэння паэта, фальварак Завоссе быў цалкам адноўлены па старых малюнках. Цяпер у ім знаходзіцца музей Адама Міцкевіча. Побач з адноўленым фальваркам стаіць зламаная вялікая ліпа – самая старая захаваная сведка, якая бачыла і памятае маладога Міцкевіча.


Гарадзішча


Другое па велічыні мястэчка ў раёне пасля Баранавіч, якое месціцца ўздоўж старога Наваградскага гасцінца. Старая забудова вуліц, а таксама царква і касцёл XVIII ст. яшчэ захоўваюць той каларыт старадаўняга беларускага мястэчка. Вандроўнік, які завітае ў гэты паўночны куток краю, не застанецца некранутым яго ўзгорыстымі пейзажамі з маляўнічай рэчкай Сэрваччу. На яе беразе, паміж Гарадзішчам і Вялікім Сялом, знаходзіцца помнік археалогіі – старое замкавае ўмацаванне, веліч якога прымушае спыніцца кожнага, хто праязджае побач.


Карчова


Унікальная мясціна, якая магла б стаць месцам культурнага паломніцтва як мінімум для беларусаў і палякаў. У суседнім маёнтку Туганавічы (сёння страчаны) жыла муза Адама Міцкевіча Марыля Верашчака. У часткова захаваным да нашых дзён Туганавіцкім парку дагэтуль можна адшукаць ліпавую альтанку, дзе яны сустракаліся. Гасцяваць да Верашчакаў прыязджала, бадай, уся тагачасная беларуская інтэлігенцыя, якая натхнялася мясцовымі краявідамі і вольналюбівым духам гаспадароў Туганавіч. Помнікам гэтай мясціне можна лічыць Камень філарэтаў, захаваны ў лесе, побач з Карчова. Гэта месца, дзе маладыя паэты і студэнты Міцкевіч, Чачот, Зан, Дамейка, Малеўскі, Яжоўскі давалі клятву ў вернасці тром найвялікшым ідэалам – Свабодзе, Айчыне, Сумленню.


Жалезніца


Пра тое, што калісьці тут знаходзіўся маёнтак Вольскіх, сёння мала што нагадвае ­– занядбаны будынак былой сыраварні і закінутая капліца на могілках, да якой вядзе старая алея з канадскіх таполяў.


Старая Мыш


Калісьці і на нашай Мышанцы ў Старой Мышы стаяў замак, дзе нарадзіўся будучы гетман вялікі літоўскі і віленскі ваявода Ян Караль Хадкевіч. Яго імя сёння, апроч гісторыкаў, мала каму што кажа. Між іншым імя Яна Хадкевіча ведала славу не толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і ўсёй Заходняй Еўропы, якую ён абараняў ад нашэсцяў турак. Замак Хадкевічаў у Старой Мышы ў 1654 годзе цалкам знішчыла расійскае войска, пасля чаго ён ужо не адбудоўваўся. Яго месца сёння лёгка пазнаць па захаваным каралеўскім умацаванні на березе Мышанкі.


Новая Мыш


Цэнтральны пляц гэтага калісьці буйнога мястэчка лёгка пазнаецца і сёння. Літаральна насупраць адзін аднаго стаяць касцёл Перамянення Пана і царква Праабражэння Гасподня (абодва – XIX ст.). Побач яшчэ можна пабачыць напаўразбураную карчму, якая, здаецца, у свой час, была не менш папулярнай за абодва храмы. Бываючы ў Новай Мышы, грэх не зайсці ў касцёл, захоўваецца адзін з самых прыгожых у Беларусі алтароў, перавезены даўней з Нясвіжскага касцёла бенедыктанак. У стварэнні адметнага інтэр’ера храма дасканала спалучаны рысы готыкі, рэнесансу, барока, а таксама стылю ракако. Тут функцыянуе і старадаўні арган. У Новай Мышы ўсталяваны бюст Яну Чачоту.


Пачапава


Некалькі гадоў таму, ужо ў новым, XXI ст., у вёсцы Пачапава, што на  маляўнічай поўначы раёна, была адноўлена з руін старая Свята-Пакроўская царква (1867 г.). Увесь храмавы ансамбль, уключаючы чатыры вежкі-малельні па кутах, а таксама агароджу царквы, збудаваны з бутавага каменя самых розных адценняў. Сродкі на адраджэнне гэтага архітэктурнага дыяменту па старой традыцыі збіраліся талакой, у тым ліку і з дапамогай замежнікаў.


Вялікая Сваротва


З усёй спадчыны роду Незабытоўскіх, сядзіба якіх месцілася ў Вялікай Сваротве, пашанцавала толькі Траецкай царкве (раней – уніяцкая, сёння – праваслаўная). Унікальны трохкутны храм (1823 г.), падобных да якога няма нідзе ў свеце, быў адноўлены з руінаў літаральна ў мінулым годзе. Сядзібавы комплекс Незабытоўскіх сёння па-ранейшаму застаецца ў руінах.


Моўчадзь


"Беларускай Швейцарыяй” называюць гэта вядомае з XV ст. беларуска-габрэйскае мястэчка (сёння – сяло), размешчанае ў самым маляўнічым месцы Баранавіцкага краю – на ўзгорыстай поўначы, у пойме ракі Маўчадкі. З колішняй габрэйскай інфраструктуры ў Моўчадзі захавалася даволі шмат: у ранейшых межах застаўся гандлёвы цэнтр мястэчка з крамамі, аптэкай, карчмой і сінагогай (сёння – клуб). У занядбаным стане знаходзяцца старыя габрэйскія могілкі і абодва моўчадскія млыны. Кампазіцыйны цэнтр сучаснай Моўчадзі арганізуе маляўнічая Свята-Петрапаўлаўская царква (1873 г).


Палонка


На месцы славутай Палонкаўскай бітвы 1660 года, калі ўтрая меншае войска Рэчы Паспалітай перамагло войска Маскоўскае, сёння ў Палонцы ўзвышаецца высокі драўляны крыж, аточаны воблакам бэзу. У вёсцы захавалася і старая царква Святой Параскевы Пятніцы (1880 г.).


Паўлінава


Тут пачынаецца самы лясны куток Баранавіччыны. Сярод старога парку, на маляўнічым беразе запруджанай рэчкі Качарыжкі ў Паўлінава стаіць шыкоўны палац знакамітага роду Бохвіцаў. Будынак, выкананы ў эклектычным стылі, і сёння здзіўляе сваімі вытанчанымі формамі. Палац цудоўна падыходзіць для размяшчэння ў ім Дома адпачынку ці музея. Аднак у нашы дні ён імкліва разбураецца.


Мілавіды


Мілавіды знакаміты тым, што недалёка ад іх, на месцы слаўнай Мілавідскай бітвы 1863 года, размешчаны цэлы мемарыяльны комплекс. У яго стварэнні паасобку ўдзельнічалі тры народы, што пацярпелі падчас паўстання: палякі паставілі тут густоўную капліцу ў класіцыстычным стылі, расійцы – праваслаўны крыж, а пазней беларусы ўсталявалі памятны валун. У саміх Мілавідах захавалася царква Святога Раданежскага XIX ст.


Ястрамбель


Неакласіцыстычны палац Катлубаeў XIX ст. у Ястрамбелі нагадвае хутчэй мініяцюрны касцёл, чым былы сядзібавы дом. Багата дэкараваны, гэты цудоўны помнік архітэктуры добра захаваўся, дзякуючы таму, што ў ім доўгі час жылі дзеці з мясцовага дома-інтэрната. Аднак апусцелы сёння палац Катлубаяў імкліва разбураецца, таму патрабуе тэрміновай рэканструкцыі.

 

Міхась Бернат: «Разбурэнне нашых помнікаў – нейкая падсвядомая дыверсія»

Пра асаблівасці абыходжання з архітэктурнай спадчынай Баранавіцкага раёна ў апошнія дзесяцігоддзі карэспандэнту «IP» распавёў дырэктар раённага цэнтра рамёстваў у Русіно, краязнаўца Міхась Бернат.


Мова, традыцыі, архітэктура… Гэта ўсё складнікі нашай нацыянальнай культурнай ідэнтычнасці, якія мы гублялі на працягу ўсёй савецкай эпохі. І, на жаль, працягваем губляць і сёння. Асаблівую занепакоенасць выклікае разбурэнне архітэктурна-паркавых ансамбляў, даўніх шляхецкіх сядзібаў, на якія багаты наш край. Помнікі не могуць уратаваць нават шыльды, на якіх пазначана, што яны ахоўваюцца дзяржавай.

 

Гэта сведчыць пра тое, што ў нас адсутнічае нармальная палітыка ў галіне захавання матэрыяльнай спадчыны, не прадуманы дзеянні чыноўнікаў, скіраваныя на пераемнасць і перадачу ад пакаленняў да пакаленняў створанага нашымі продкамі. А гэта тыя цэнтры-локусы, дзе захоўваецца наша адметнасць. Многія з іх знаходзяцца проста ў катастрафічным стане.

 


Ястрамбель. Мясцовы палац Катлубаяў яскрава дэманструе повязь беларускай архітэктурнай школы з агульнаеўрапейскімі стылямі. Пасля таго, як з будынка выселілі выхаванцаў школы-інтэрната, палац пачаў развальвацца на вачах.


Стайкі.  Яшчэ ў 1990-х я некалькі разоў прасіў у былога старшыні Баранавіцкага райвыканкама адзіную шыферыну, каб заладзіць дзірку на даху палаца Лашкевічаў. Той абяцаў, але так і забыўся. З гэтай дзіркі і пачалося разбурэнне палаца, ад якога хутка застануцца адны руіны.


Паўлінава. Тамтэйшы палац Бохвіцаў сёння чакае падобны лёс.  


Паланэчка. Тут знаходзіўся адзіны ў раёне турбінны млын, пабудаваны ў 1819 годзе. У 70-я гады па загадзе старшыні калгаса з яго знялі ацынкаваную бляху. Пасля такога "распранання” гэты  помнік прамысловай архітэктуры раскалоўся на дзве паловы і абрынуўся ў рэчку. Пераўтвараецца ў руіны і палац Радзівілаў, дзе калісьці гучалі паланэзы Мацея Радзівіла.


Туганавічы таксама захаваліся ў жахлівым стане. У легендарным парку, дзе калісьці збіраліся філаматы і філарэты, у свой час савецкія чыноўнікі зрабілі месца летняга адпачынку для кароў і свіней. А ў межах шляхецкага парку ў Сачыўках, дзе знаходзілася родавае гняздо Дамейкаў, і дагэтуль размешчаны свінарнік.

 

Вось узор стаўлення да спадчыны. Такую дзейнасць можна назваць нейкай падсвядомай дыверсіяй супраць усяго нацыянальнага. Да нас не прыйшло разуменне таго, што без дзейнасці філаматаў і філарэтаў не было б і сучаснай Рэспублікі Беларусь.


Матэрыялы падрыхтаваў Алесь ГІЗУН.   Газета "Інтэкс-прэс", 21.04.2010






Категория: Край | Добавил: Alex (26.10.2011) | Автор: Алесь ГІЗУН
Просмотров: 5437 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 1
1 Armando  
0
Deep thinking - adds a new dminesion to it all.

Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
october.moy.su © 2008-2024 Хостинг от uCoz
RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100