Стайкі ўзгадваюцца ў гісторыі яшчэ з другой паловы XVI ст. як
маёмасць падканцлера Вялікага княства Літоўскага Астапа Валовіча. Пазней
гаспадары маёнтка мяняліся. З канца XVIII ст. тут уладараць Пушкіны
(менавіта тая галіна роду, з якой паходзіць вядомы расійскі паэт).
Пушкіны жылі ў Стайках амаль сто гадоў, нават прымалі хрост у
навакольных касцёлах.
Як запэўніваюць гістарычныя крыніцы, з 1876 года Стайкі належаць
шляхетнаму роду Лашкевічаў, якія кардынальна змянілі старую сядзібу
Пушкіных. Ад ранейшага комплексу тут застаўся толькі агромністы склеп са
скляпеннямі. Напрыканцы XIX ст. у Стайках паўстае невялічкі замак з
вежаю (гаспадары называлі свой палац менавіта замкам), будуюцца флігелі,
лядоўня, сыраварня, цагельня, гаспадарчыя будынкі, парадкуюцца сад, а
таксама парк, пасаджаны яшчэ Пушкінымі.
Замак-палац Лашкевічаў і комплекс гаспадарчых будынкаў у атачэнні
старога парку ўяўлялі класічны маёнтак еўрапейскай шляхецкай сям’і.
Пабудаваны з якаснай чырвонай цэглы, палац меў невялічкую вежу з шатром і
спічаком наверсе.
Над гатычнымі вокнамі, як элементы дэкору, былі выкарыстаны
імітаваныя байніцы. Парадны і паркавы ўваходы дзеля выразнасці вылучаны
рызалітамі. Дзякуючы далікатнаму арнаментальнаму мураванню, каменны
будынак выглядаў маналітным і даволі элегантным…
Сёння
За савецкім часам у Стайкаўскім палацы размясцілі вясковую школку.
Гістарычны будынак працягваў сваё збольшага прыстойнае існаванне дзесьці
да канца 70-х гадоў, пакуль у ім месцілася вясковая школа. З пераездам
школы ў іншы будынак сядзіба актыўна пачала занепадаць. Мясцовае
насельніцтва паступова разабрала падлогу, знік і шыфер з даху. Сёння
пакрысе разбураюцца нават крамяныя сцены палаца (відаць, не без людской
дапамогі), дах расцяганы, бэлькі дамоклавымі мячамі пагрозліва матляюцца
на галавой.
Пасля сыходу з будынку людзей ён пераўтварыўся ў сапраўдны батанічна-арніталагічны акварыум.На месцы яшчэ нядаўніх школьных пакояў расце пустазелле, у зеўрах даху – бясконцая ратацыя слайдаў з аблокамі і вараннём.
Прысядзібавы парк з невялікай лагчынай у цэнтры цэласна захаваўся да
нашых дзён, хаця і нікім не даглядаецца. У яго межы паступова ўразаецца
вясковы быт. Частка парку страшэнна раз’езджаная транспартам. Тэрыторыя
сядзібы засмечваецца гаспадарчым друзам і аджылымі свой час рэчамі.
Агароджа парку была страчана яшчэ раней. Праўда, захаваліся цагляныя
пілоны (слупкі) былой заезнай брамы: вартаўнікі на мяжы гісторыі і
сучаснасці вёскі.
У шатах старых ліп, ясеняў ды клёнаў сёння сапраўдны рай для птаства.
Увесну ўсё наваколле агучвае птушыны грай, увосень – шолах залатога
лістападу. Побач з палацам захаваліся агромністы склеп, былы жылы
флігель і афіцына (жыллёвае памяшканне для служак). Па крамяных, нежылых
сценах афіцыны віецца вінаград – сведка нядаўніх жыццёвых перыпетый і
маленькіх сямейных клопатаў. У гэтых вокнах яшчэ зусім нядаўна
запальва-ліся вечарамі агні.
Мясцовыя жыхары кажуць, што час ад часу з Польшчы ды Літвы сюды
прыязджаюць цікаўныя людзі, якія распытваюць пра гісторыю маёнтка і яго
ўладальнікаў.
Спроба нашых карэспандэнтаў даведацца пра сённяшніх гаспадароў
Стайкаўскага палаца ў мясцовага насельніцтва нічым не скончылася. "Гэта нічыйны будынак”,
– сказалі і ў сельсавеце. У Баранавіцкім райвыканкаме нам усё ж
паведамілі, што замак-палац Лашкевічаў у Стайках сёння знаходзіцца на
балансе раённага аддзела адукацыі.
Па сведчаннях навукоўцаў, гістарычны будынак сёння патрабуе тэрміновай
кансервацыі. Раённыя чыноўнікі кажуць: ніякіх перспектываў у палаца няма...
З Баранавіч да Стаек можна даехаць аўтобусным маршрутам Баранавічы – Бартнікі.
Алесь ГІЗУН, Інтэкс-прэс. Фота: october.moy.su
Категория: Край | Добавил: Alex (26.10.2011)
| Автор: Алесь ГІЗУН
Просмотров: 5584
| Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. [ Регистрация | Вход ]